Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.
Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар — зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны…
Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.
Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры…
Падняўшыся на лапы — чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, — Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык — патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, — сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, — піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.
Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу…
Яму адразу заклала вушы…
Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы…
Свайго канца вёскі ён не пазнаў…
Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей… Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі…
Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу — падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні — з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым…
Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам… І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў… Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў…
Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух — уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам — Джукі такое ўжо бачыў.
Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром… Ён і да трэцяй падбег… Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам — чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі…
Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер… Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам… Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны — самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны — львінага клубка з логу… Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі… Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі — заманьвалі… Іх многа, і стаяць яны шчыльна — адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў… Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі — і лаві яго за хвост… Толькі яму раптам зрабілася горка-горка — дзе ж гаспадар?
Скочыць яму не даў стрэл — грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць — з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы — з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць — хай страляюць… Джукі памыліўся… Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце… Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон…